Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, якi выконваецца ў выпадках, прадугледжаных Законам Рэспублiкi Беларусь ад 5 лiпеня 2004 г. № 301-З "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь" і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь выконваецца:
- пры уступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пасаду - пасля прынясення ім Прысягі;
- пры адкрыцці і закрыцці сесій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
- падчас афіцыйнай цырымоніі ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і іншых афіцыйных дзяржаўных цырымоній;
- падчас правядзення цырымонiй сустрэч кіраўнікоў замежных дзяржаў, парламентаў і ўрадаў замежных дзяржаў, якiя наведваюць Рэспублiку Беларусь з афіцыйнымі візітамі;
- пры афіцыйных цырымоніях ускладання вянкоў кiраўнiкамi замежных дзяржаў, парламентаў і ўрадаў;
- пры правядзенні воінскіх рытуалаў - у адпаведнасці з агульнавайсковымi статутамi Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь;
- пры афіцыйных цырымоніях падчас спартыўных спаборніцтваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі - у адпаведнасці з правіламі арганізацыі гэтых спаборніцтваў.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь можа выконвацца:
- пры адкрыцці помнікаў, памятных знакаў i iншых збудаванняў, прысвечаных знамянальным падзеям у жыццi Рэспублiкi Беларусь, у гонар знакамiтых дзяржаўных, палітычных, грамадскіх і ваенных дзеячаў, народных герояў, дзеячаў навукі, мастацтва і культуры;
- пры адкрыцці і закрыцці ўрачыстых сходаў, прысвечаных дзяржаўным святам Рэспублікі Беларусь;
- у час урачыстых сходаў, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі;
- грамадзянамi падчас народных, працоўных, сямейных святаў і іншых урачыстых мерапрыемстваў пры забеспячэннi неабходнай павагi да Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.